Суд аштрафаваў віцебчука “за арганізацыю выставы невядомага мастака”

30 базавых велічыняў!

Віцяблянін Дзяніс правёў 6 траўня ў прыватным памяшканні мастацкую выставу. А праз месяц суд Першамайскага раёну Віцебску аштрафаваў яго як арганізатара несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч.2 арт. 23.34) на 30 базавых велічынь, паведамляе “Віцебская Вясна”.

Імпрэза праходзіла на тэрыторыі былой віцебскай фабрыкі “КІМ”, якая даўно збанкрутавала, а яе памяшканні выкупленыя прыватнікамі. У адным з іх і была зладжаная выстава “Катарсіс”. На ёй экспанавалася 25 працаў маладога мастака з Брэста Dima Wesko. Гучала музыка. Уваход на вечарыну ў стылі “постіндустрыяльнага аўдыё-візуальнага авангарду” быў вольны (па запісе ў інтэрнэце).

Але ў нейкі момант “аўдыёвізуальны авангард” раптам ператварыўся ў беларускі “сюр” – з супрацоўнікамі МУС на пярэднім плане.  

Дзяніс расказвае, што каля 23.00 у памяшканне зайшлі міліцыянты і запыталіся, ці ёсць дазвол на правядзенне мерапрыемства.

“Мы ў адказ: на што дазвол? На тое, што мы тут проста адпачываем?..” – распавядае Дзяніс. Ён сцьвярджае, што імпрэза сапраўды праходзіла на прыватнай тэрыторыі і што з гаспадаром памяшкання было дамоўлена аб яе правядзенні.

Даведаўшыся, што арганізатарам вечарынкі быў Дзяніс, міліцыя перапісала ягоныя пашпартныя дадзеныя і з’ехала, забраўшы з сабой пяцярых непаўналетніх, каб праверыць іх на ўтрыманьне алкаголю ў крыві (усе аказаліся цвярозымі).

Недзе праз месяц, 2 чэрвеня, маёр міліцыі Сяргей Козік выклікаў Дзяніса ў аддзяленне і склаў на яго пратакол за правапарушэнне, прадугледжанае часткай 2 артыкулу 23.34 КаАП РБ.

Паводле пратаколу, Дзяніс парушыў закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” тым, што “арганізаваў і правёў іншае масавае мерапрыемства – культурнае мерапрыемства, выставу карцін невядомага мастака ў складзкім памяшканні”.

Суд Першамайскага раёну прызнаў віцябляніна вінаватым і пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

Leave a Reply