Беларускія праваабаронцы распрацавалі свой варыянт закона аб масавых мерапрыемствах

Група экспертаў прадставіла свой праект нарматыўнага акту, які рэгулюе права на мірныя сходы.

Як адзначаюць спецыялісты, у адрозненне ад дакумента уладаў, у іх варыянце закона улічаны ўсе неабходныя рэкамендацыі. Па словах аднаго з экспертаў, праваабаронцы ПЦ “Вясна” Зьміцера Салаўёва, над тэкстам дакумента працавалі амаль год.

Вулічная актыўнасць у Беларусі нізкая, паколькі ў гэтай галіне ў нас рэпрэсіўнае заканадаўства. Калі ўспомніць былыя гады, то раней праходзілі дзясяткі акцый па ўсёй краіне штомесяц. Гэта было да таго часу, пакуль законы не сталі больш жорсткімі і неспрыяльнымі для рэалізацыі права на свабоду сходаў у сярэдзіне 2000-х, – адзначыў Салаўёў.

Праваабаронца паведаміў, што падчас працы над тэкстам дакумента былі улічаны меркаванні такіх спецыялістаў, як эксперта АБСЕ Сяргея Востафа, беларуска-ўкраінскага праваабаронцы Уладзіміра Яворскага, сябра Беларускага Хельсінскага камітэта Дзмітрыя Чарных і шмат іншых. Значная частка палажэнняў дакумента была агучана падчас адмысловага круглага стала, які праводзіўся ў красавіку 2017 года ў Менску.

Да тэксту закона праваабаронцы таксама прыкладаюць тлумачальную запіску. Згодна з ёй дзеючыя нормы закона «Аб масавых мерапрыемствах» супярэчаць артыкулам 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах:

«Дзеючы Закон прадугледжвае занадта жорсткую, працаёмкую і складаную працэдуру атрымання дазволу на масавыя мерапрыемствы у ворганах мясцовай улады, у той самы час пакідае вялікую свабоду дзеянняў адмінсітратыўным ворганам для прымяненьня дадзенага Закона, у тым ліку для забароны масавых мерапрыемстваў па фармальных прычынах. Працэдура атрымання дазволу не адлюстроўвае  пазітыўнае абавязальніцтва дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленьне права на свабоду мірных сходаў. Празмернае рэгуляванне, апісанае у дзеючым Законе, абмяжоўвае права на свабоду сходаў і на свабоду слова», – пазначана ў суправаджальным абгрунтаванні.

Поўны тэкст абгрунтавання, навошта нам новы закон “Аб свабодзе мірных сходаў“.

Поўны тэкст законапраекта «Аб свабодзе мірных сходаў» можна знайсці ў нашай «Бібліятэцы дакументаў» і па гэтай спасылцы.

Калі ў вас ёсць заўвагі і прапановы да законапраекту – калі ласка, дасылайце на e-mail mirnyshod@gmail.com

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *