Улады не дазволілі мітынг “Матчынаму руху 328”

Мінгарвыканкам заявіў, што ў парке, дзе планаваўся мірны сход, пройдзе іншае мерапрыемства.

Мінскі гарвыканкам адмовіў ініцыятыўнай групе “Матчынага руху 328” правесці мітынг з заяўленай колькасцю ўдзельнікаў да 500 чалавек 20 лістапада з 14.00 да 16.00 у парку Дружбы народаў. Пра гэта распавяла кіраўніца руху Ларыса Жыгар, паведамляе ПЦ “Вясна“.

Падставай для адмовы стала тое, што на гэты самы час у парку быццам бы было прызначана правядзенне іншага мерапрыемства. Аднак, як высветлелі жанчыны руху, ніякіх іншых мерапрыемстваў у той час там не было.

Паводле Ларысы Жыгар, праз мітынг актывісткі “Матчынага руху 328” планавалі прыцягнуць увагу да праблемы эфектыўнасці барацьбы з наркаманіяй у Беларусі.

“Такім чынам мы хацелі выказаць нашую адзіную грамадскую пазіцыю адносна наплыву наркотыкаў у нашую краіну, а таксама зачытаць рэзалюцыю, якая ўключае прапанаваныя намі змены ў заканадаўства. Дзіўна, што ў той час, калі шмат дэпутатаў абяцаюць нам разгледзець нашыя прапановы падчас восеньскай сесіі і ўнесці адпаведныя змены ў закон, гарвыканкам нам адмаўляе, прычым так хлусліва”.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *