Суды за Дзень Волі-2018. Хроніка

Напярэдадні Дня волі па ўсё краіне прайшлі затрыманні актывістаў, паведамляе ПЦ “Вясна”.

У Салігорску 24 сакавіка быў затрыманы сябра Руху “За Свабоду” Уладзімір Шыла. На яго быў складзены пратакол па арт. 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь (непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі). 26 сакавіка актывіст атрымаў штраф памерам 3 базавыя велічыні.

У Магілёве напярэдадні Дня Волі быў затрыманы сябра аргкамітэта па стварэнню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Станіслаў Паўлінковіч. Днём 25 сакавіка маці актывіста Наталля паведаміла аб знікненні сына, які меў намер прыняць удзел у святочных мерапрыемствах у Мінску. Аб месцазнаходжанні сына бацькам стала вядома толькі вечарам, паведамляе мясцовы праваабарончы рэсурс mspring.online. Увесь час ён знаходзіўся ў ізалятары.

26 сакавіка Станіслава Паўлінковіча аштрафавалі за парушэнне правілаў дарожнага руху на 2 базавыя велічыні. Таксама на яго склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь). Ленінскі суд Магілёва адклаў разгляд справы актывіста на 2 красавіка, бо ён заявіў хадайніцтва, паводле якога яму неабходны час, каб падрыхтавацца. 

У Брэсце адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе Ленінскага раёна затрыманага ўвечары 23 сакавіка відэаблогера Сяргея Пятрухіна. Ён заявіў хадайніцтва аб удзеле адваката ў справе, таму паседжанне перанеслі на 29 сакавіка на 9.30 раніцы. 

У Дуброўна адбыўся суд над Наталляй Стрэльчанка, якая была затрымана 25 сакавіка ў 6 гадзіны раніцы. Суд не пачынаўся да 11:00. Наталлі ў судзе стала кепска, бо яна не ела ад раніцы затрымання. У суд прыехала хуткая дапамога, але фельдшэр заявіў, што не можа забраць яе з суда, таму аказаў медыцынскую дапамогу на месцы. Суд перанеслі.

Праваабаронцам паведамілі, што ў Бярозе актывіста Аляксандра Кабанава адпусцілі і суд прызначалі на іншы дзень. Ён быў затрыманы ў суботу 24 сакавіка, і на яго склалі пратакол за ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу, якая адбывалася ў Брэсце 18 сакавіка. 

Бабруйскім праваабаронцам стала вядома, што пратаколы ў дачыненні да лідэркі мясцовай арганізацыі незалежнага прафсаюза РЭП Галіны Смірновай і каардынатаркі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» па Магілёўскай вобласці Таісіі Кабанчук адправілі на дапрацоўку, а іх саміх адпусіцілі. Абедзвюх ноч трымалі ў камерах. Актывістак абвінавачваюць па арт. 18.23 КаАП Рэспублікі Беларусь (пераход вуліцы ў неналежным месцы) і па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі) адпаведна. 

Віцебскі праваабарончы рэсурс паведамляе, што 26 сакавіка адбыўся суд над актывістам Міколай Качурцам, які быў затрыманы 25 сакавіка ў 11.30 раніцы, калі прыйшоў з бел-чырвона-белым сцягам да помніку Альгерду ў Віцебску. Ён правёў ноч у ІЧУ. Рашэннем суда Кастрычніцкага раёну г. Віцебска Мікола Качурэц быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны на 26 базавых велічыняў за парушэнне заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і на 12 базавых – за непадпарадкаванне службовай асобе (23.4 КаАП). У сукупнасці (суд выкарыстаў частковае сумаванне пакаранняў) атрымаў агульны штраф у памеры 30 базавых велічыняў (735 рублёў). Адабраны сцяг суд вырашыў канфіскаваць.

Таксама ў Віцебску 26 сакавіка быў аштрафаны Андрусь Кешанюк, які быў затрыманы каля будынку «Белтэлекам», дзе на Дзень Волі разгарнуў бел-чырвоны-белы сцяг. На яго склалі пратаколы па арт. 23.4 і 23.34 КаАП, на падставе якіх суддзя Наталля Карабліна аштрафавала яго на 4 і 6 базавыя велічыні адпаведна.

У Барані чакае суд Генадзь Шэпелеў. Радыё Свабода паведамляе,што жыхар Барані быў затрыманы 25 сакавіка ў Воршы. Ён хацеў зрабіць фотаздымак з бел-чырвона-белы сцягам у гарадскім парку каля помніка Уладзіміру Караткевічу. Затрымаўшы Генадзя Шэпелева, супрацоўнікі міліцыі спачатку заявілі, што ён парушыў правілы дарожнага руху, але ў той дзень актывіст перасоўваўся на ровары. Урэшце склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне па арт. 23.34 КаАП. Пастанова – штраф у памеры 22 базавыя велічыні.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *