Палата прадстаўнікоў: Змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах не патрабуюцца

Нацыянальны сход Палаты прадстаўнікоў адказаў на зварот праваабарончай супольнасці Беларусі, у якім праваабаронцы прапаноўвалі ўнесці карэкціроўкі ў закон “Аб масавых мерапрыемствах”.

Пасля таго, як арганізатары “Чарнобыльскага шляха” адмовіліся ад правядзення традыцыйнага шэсця з-за немагчымасці аплаты выдаткаў па правядзенню дадзенага мерапрыемства, якія склалі 5737 беларускіх рублёў, шэраг праваабрончых арганізацый выступілі з заявай, у якой выказалі рэзкую крытыку ў дачынне да прынятай Саветам Міністраў Пастановы № 49. Яны лічаць, што ў краіне сітуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі пагоршылася яшчэ больш, паколькі памеры выдаткаў на іх правядзенне, прадугледжаныя заканадаўствам, уяўляюць з сябе сур’ёзную перашкоду ў рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў, піша ПЦ “Вясна”.

Праваабаронцы накіравалі адпаведныя прапановы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Міністраў і ўладам Рэспублікі, дзе прапанавалі ўнесці змены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, адмяніць Пастанову №49, гарантаваць грамадзянам краіны магчымасць ажыцяўлення імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.

У сваім адказе на імя юрыста ПЦ “Вясна” Валянціна Стэфановіча Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі адзначае, што згодна з арт. 5 Закона, у заяве аб правядзенні масавага мерапрыемства арганізатарамі ўказваюцца ў тым ліку меры па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства і меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй массавага мерапрыемства. На думку прадстаўнікоў улады, такі заканадаўчы падыход накіраваны на ўдакладненне прававой рэгламентацыі парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і адпавядае арт. 35 Канстытуцыі.

А ў мэтах устанаўлення аднастайнага падыходу да рэгулявання пры правядзенні масавага мерапрыемства пытанняў забеспячэння аховы грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання, уборкі тэрыторыі Законам ад 17 ліпеня 2018 года №125-З прадугледжана, што парадак аплаты адпаведных паслуг вызначаецца Саветам Міністраў, а не мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, як было да гэтага.

“Адзначаем, што практыка аплаты такіх паслуг існуе ў іншых краінах, у тым ліку ў дзяржавах – членах АБСЕ”, – падкрэслівае ў  адказе старшыня Пастаяннай камісіі Валянціна Ражанец.

Таксама парламентарыі ўпэўненыя, што патрабаванні арт. 5 Закона не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу, таму што прымяняюцца толькі ва ўстаноўленых Законам выпадках і з’яўляюцца суразмернымі абараняемым грамадскім і дзяржаўным інтарэсам, правам і свабодам асобы.

“У сувязі з гэтым лічым, што ўнясенне змяненняў у заканадаўства аб масавых мерапрыемствах не патрабуецца. Разам з тым выкладзеная Вамі інфармацыя будзе выкарыстоўвацца Камісіяй у далейшай дзейнасці па маніторынгу і ўдасканальванні названага заканадаўства”, – адзначаецца ў адказе.

Аднак, праваабаронцы па-ранейшаму лічаць, што ўсе выдаткі на працу міліцыі, хуткай дапамогі, на паслугі па прыборцы тэрыторый мусяць пакрывацца за кошт бюджэта, а не брацца з кішэні арганізатараў.

Leave a Reply