Гісторыі людзей, якіх пакаралі проста так

Затрыманні, якія не павінны былі адбыцца.

25 сакавіка 2017 года Міхаіл (імя зменена) ішоў у ЦУМ, каб набыць падарунак сваёй дзяўчыне – яна хацела новую сумачку. Але ў гэты дзень дзяўчына не атрымае сумачку. Міхаіла груба затрымалі на Акадэміі навук, закінулі ў аўтобус і вывезлі ў невядомым накірунку.

SXOD сабраў успаміны людзей, якія былі сведкамі гэтых гісторый  або самі сталі ахвярамі памылкі.

Паліна Сцепаненка

“Як мінімум тры сукамерніка былі выпадковымі людзьмі, сярод іх зваршчык з Жодзіна, які прыехаў з тысячай даляраў у кішэні купіць тэлевізар”

 У 2000 годзе 25 сакавіка на Плошчы Якуба Коласа жанчына прадавала гародніну, паслала мужа да суседняга шапіка памяняць грошы – яго схапіў АМАП і закінуў у аўтазак, жанчына пабегла за ім – яе таксама забралі. Шапік з гароднінай застаўся пад наглядам калег. З мужчынам мы разам трапілі ў адзін аўтазак і былі дастаўленыя ў вайсковую частку на Маякоўскага.

Як мінімум тры сукамерніка з Дня Волі былі выпадковымі людзьмі. Сярод іх –  зваршчык з Жодзіна, які прыехаў з тысячай даляраў у кішэні купіць тэлевізар. Мінак, затрыманы каля Батанічнага саду ўдарам амапаўскага касцета. Бедны хлопец літаральна плакаў, просячы штраф, а не суткі: дома засталася адна, без ежы і вады кошка. Трэці – былы баец унутраных войск, які нас разганяў у 2010-тым, 25 сакавіка сам стаў ахвярай гвалту з боку былых калег. Дзеля прыколу параспытвала людзей, затрыманых са мной у Партызанскім РАУС. З  прыкладна 14 чалавек палова была выпадковых.

Аляксандр Макаеў 

Жанчына, вы ў акцыі прымаеце ўдзел? Дама, якая прызвычаілася да ўсялякіх прамоўшэнаў, гаворыць Канешне!

Пры масавых затрыманнях, у якіх я збіўся з падліку, трапляла шмат выпадковых людзей. Гэта сапраўды можна выдаваць асобным зборнікам. Адзін выпадак распавяду і я. Падчас акцый «пляцкаючых у далоні» летам 2011 адна добрая высакародная кабета выходзіла з крамы ў Серабранцы. Паблізу распачаўся хапун, да яе падлятаюць людзі ў штацкім: «Жанчына, вы ў акцыі прымаеце ўдзел?». Дама, якая прызвычаілася да ўсялякіх прамоўшэнаў, гаворыць «Канешне!».  Тут яе схапілі і павалаклі ў бусік. Жанчына адразу ўзвілася трохпавярховымі мацюкамі, якія агаласілі ваколіцы, мацюкі перамешваліся з пералікам караў, якія зробяць яна і яе высокапастаўлены муж. Увесь час, пакуль бус збіраў новых затрыманых,  невялікай дарогай да Ленінскага РАУСа  не спыняла свой жаркі імпэт лэдзі, моцна перасыпаючы праклёны, з адборнай лаянкай.

Юрась Сідун

“Хлопец таксаваў ноччу і падвёз дзяўчыну на плошчу, у выніку абодвух аформілі”

Ноччу 21 сакавіка ў 2006 годзе забралі дзяўчыну на абцасах, якая ў аўтобусе з амапаўцамі тлумачыла, што была на “Шайбе” і вяртаецца дамоў. Было заўважна, што яна не ў тэме падзеяў на плошчы, амапаўцы яе “клеілі” ўсю дарогу, але прыехала на Акрэсціна разам з усімі, далейшы лёс не ведаю. Яшчэ са мной у камеры быў хлопец, які таксаваў той ноччу і падвёз дзяўчыну на плошчу, у выніку абодвух аформілі. Хлопец атрымаў 12 сутак, машына яго стаяла ўвесь тэрмін на Акрэсціна, наколькі я памятаю. Гісторыя здарылася той самай ноччу, што і гісторыя пра дзяўчынку.

Аксана Сцепанава

“На светлафоры адчынілі дзверы, выцягнулі мяне і кіроўцу”

Мы з сяброўкай былі на мітынгу 19 снежня, каля Палаца Рэспублікі. Калі ўсе пайшлі на дарогу, мы падумалі, што ўсё скончылася. Змерзлі, пайшлі ў кафэ. За Палацам стаялі аўтазакі, машыны тэлекампаній. У кафэ паелі, гарбаты напіліся і па дамах вырашылі ехаць. Выклікалі дзве машыны (жывем у розных баках горада). На павароце з вул.Валадарскага на Нямігу спыніліся на чырвонае святло. Я бачыла ў акно машыны, што адбываецца штосьці не тое – натоўп малойчыкаў збіваў хлопца і дзве жанчыны ва ўзросце яго абаранялі,  іх усіх павялі ў аўтазак. Іх шмат стаяла на Валадарскага. Дык вось, пакуль гарэў чырвоны, гэты натоўп малойчыкаў як раз ішоў па тратуару ў наш бок. А потым чорная хмара накрыла машыну, з усіх бакоў адчынілі дзверы,выцягнулі мяне і кіроўцу. Яго адразу на расцяжку паставілі, а мяне шкамуталі, як мячык, паміж сабой. Прыехала міліцэйская машына і адвезла мяне да «бобіку». Ну, а там ужо ў Цэнтральны РАУС. Ноч была страшная, толькі там я зразумела маштаб усяго таго, што адбываецца. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Леанід Кулакоў

“Ідзем на рэпетыцыю на свята вясны”

Я гэтак жа сядзеў у камеры са студэнтам, які ішоў са сваім аднагрупнікам на рэпетыцыю ў палітэхнічны. Яны там рэпетавалі нейкае свята вясны. Ідуць яны ўдваіх, ужо падыходзяць да ўніверсітэта, а насустрач ім – супрацонікі АМАПа. «Куды ідзем?» – пытаюцца яны. Хлопцы паказваюць у бок універсітэта і па ходзе ўзмаху рукі ў бок плошчы Якуба Коласа. Хлопцы ім адказваюць: « Ідзем на рэпетыцыю на свята вясны». Міліцыянты ў шоку – яшчэ якая такая рэпетыцыя? Побач стаіць сіні бус, і гэтых хлопцаў туды і закінулі. Бедныя потым у камеры хваляваліся, што будзе з імі, што будзе з рэпетыцыяй, адлічаць іх з універа ці не. Казалі, ужо пяты курс сканчаюць. І цэлых два дні небаракі ламалі сабе галаву. Потым нас павезлі на суд і абодва атрымалі па 20 базавых. І яны гэтаму штрафу былі вельмі рады, за тое, што ім не выпісалі суткі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *