Назіральнікі акцыі пратэсту 21 кастрычніка: “Песнямі для дзяцей ўлады заглушалі арганізатараў”

Вольга Рагалевіч, Яўген Жураўскі і Аліна Сцяцова распавялі пра асаблівасці “Марша абураных беларусаў 2.0”.

Здымкі ў тэксце – Аліна Сцяцова

Акцыя пратэсту апазіцыі прайшла ў Менску 21 кастрычніка. Яна доўжылася ўсяго толькі 45 хвілін, большую частку з якіх людзям перашкаджаў дождж.На думку назіральнікаў #Control_by, парушэнняў падчас масавага мерапрыемства было няшмат.

– Я ніякіх парушэнняў не бачыў, не лічачы адсутнасці міліцыі ў форме і машын “хуткай дапамогі“,- распавёў Яўген Жураўскі.

Яго калега Аліна Сцяцова звярнула ўвагу таксама на праблемы з перамяшчэннем ўдзельнікаў масавага мерапрыемства:

Калона людзей павінна была спыняцца на кожным пешаходным пераходзе, калі загаралася чырвонае святло. Таксама не было інфа-групы, а машыну “хуткай дапамогі” я заўважыла толькі на плошчы. Ну і як звычайна людзі ў чорнай вопратцы без апазнавальных знакаў, якія здымалі на камеры ўдзельнікаў акцыі, – падзялілася дзяўчына.

Зрэшты, невядомыя людзі заміналі не толькі ўдзельнікам:

– Найбольш складанам было засяродзіцца, калі “аператар-ціхар” часта замінаў і блытаўся пад нагамі, прыцягваючы да сябеўвагу,- паведаміла назіральнік Вольга Рагалевіч.

Перашкаджалі людзям нават пры дапамозе гукаў. Так, усе трое назіральнікаў сцвярджаюць, што слоў завадатараў і ўдзельнікаў акцыі не было чуваць з-за дзіцячых і патрыятычных песень.

– Калі калона прыйшла да Чырвонага касцёла і выступалі арганізатары, з рупараў, што вісяць на слупах, гучна грала музыка. Адразу гучалі песні пра Перамогу і пра Беларусь, а пасля зайгралі вясёлыя дзіцячыя,- распавяла Рагалевіч.

Аліна Сцяцова таксама звярнула на гэта ўвагу. Паводле яе слоў, музыка замінала камунікацыі выступоўцаў і гледачоў:

– Мне было цяжка пачуць арганізатараў. Па-першае, думаю, гэта з-за не вельмі якаснай тэхнікі. Я не магла зафіксаваць дакладна, аб чым ідзе гаворка ў той ці іншы момант. Па-другое, на абедзвюх плошчах вельмі гучна гучала музыка, на Кастрычніцкай – ад экрана, але тут я не вельмі ўпэўненая, а на плошчы Незалежнасці як быццам наўмысна былі гучна ўключаны песні, якія перашкаджалі слухаць спікераў.

На думку ўсіх траіх назіральнікаў, арганізатарам варта было б вылучыць сябе з натоўпу адмысловымі апазнавальнымі знакамі. Тое ж самае адносіцца да сілавікоў – Яўген Жураўскі лічыць, што супрацоўнікі міліцыі павінны знаходзіцца на акцыях у форме.

З поўнай справаздачай аб маніторынгу акцыі 21 кастрычніка можна азнаёміцца на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *