Як правесці масавае мерапрыемства ў Беларусі

Акей. Я хачу правесці мітынг, акцыю ці пікет. Што я павінен ведаць?

У Беларусі правядзенне любых пікетаў, дэманстрацый і іншых мерапрыемстваў (далей па тэксце – ММ), арганізаваных для выказвання меркавання, рэгулюецца законам Аб масавых мерапрыемствах“. Такім жа чынам рэгулюецца правядзенне адзіночных пікетаў, а таксама шырокі спектр дзеянняў, напрыклад, расклейванне або раздача ўлётак, фатаграфаванне, вывешванне сцяга ці іншай сімволікі. Фактычна любое дзеянне можа быць трактавана як масавае мерапрыемства згодна з беларускім заканадаўствам.

Калі я магу падаць заяўку і што я павінен у ёй пісаць?

Зыходзячы з закона «Аб масавых мерапрыемствах», не пазней за 15 дзён да даты правядзення ММ арганізатар павінен падаць заяўку на правядзенне ў мясцовы выканаўчы орган (напрыклад, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт). У заяўцы паказваюцца падрабязныя дадзеныя арганізатараў і апісанне планаванага мерапрыемства, а таксама неабходна прыкласці абавязальніцтвы. Патрабуецца абавязковае заключэнне дамоваў на ўборку, медыцынскую дапамогу і ахову. Пры гэтым закон не рэгулюе чарговасць дадзеных дзеянняў, што часта з’яўляецца фармальнай прычынай для адмовы ў правядзенні ММ. Адмову ў правядзенні ММ можна абскардзіць у судовым парадку.

І, канешне, суд стане на мой бок

Не. Агульная тэндэнцыя судовых рашэнняў сведчыць аб тым, што абскарджванне рашэння аб адмове ў правядзенні ММ неэфектыўна. Гэтак жа ёсць магчымасць звярнуцца з індывідуальным паведамленнем у Камітэт па правах чалавека ААН, які, разгледзеўшы дэталі канкрэтнай справы, выносіць рашэнні аб тым, ці мела месца парушэнне правоў на мірны сход і свабоду выказвання меркавання. Калі так, то ён абавязвае дзяржаву прыняць канкрэтныя дзеянні для аднаўлення парушаных правоў. Нажаль, Рэспубліка Беларусь сістэматычна ухіляецца ад сваіх абавязальніцтваў у гэтым напрамку.

Акей, а калі я правяду мітынг без дазволу?

Згодна з артыкулам 23.34 «Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях» парушэнне парадку правядзення ММ цягне папярэджанне, або накладанне штрафу ў памеры да 50-ці базавых велічынь, або адміністрацыйны арышт (тэрмін да 15 сутак). Пад парушэннем парадку правядзення праваахоўныя і судовыя органы ў Беларусі разумеюць вельмі шырокі спектр дзеянняў. Гэта і паўнавартасны ўдзел у дэманстрацыі без адпаведнага дазволу, і хаванне твару пад маскай падчас дазволенага мерапрыемства, і выкарыстанне нетэматычных плакатаў і лозунгаў на дазволеным мерапрыемстве (гэта значыць, што на мітынгу ў абарону коней ніякіх расцяжак з аўстралійскімі вамбатамі быць не павінна), а таксама пачатак самога працэсу дэманстрацыі на дазволенае месца збору ўдзельнікаў.

Пры парушэнні дадзеных пунктаў часцяком дадаецца адказнасць па артыкуле 23.4 КаАП РБ «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў асобай, якая не падначаленая яму па службе» і дадае да 50-ці базавых велічынь штрафу або да 10 дадатковых сутак адміністрацыйнага арышту.

Ну, то бок усё дрэнна?

Як сказаць. Паводле Міжнароднага Пакту аб Грамадзянскіх і Палітычных Правах кожны мае права на мірны сход і выказванне свайго меркавання. Пакт мае прыярытэтнае значэнне над нацыянальным заканадаўствам любой краіны, пры гэтым не рэгулюе канкрэтныя дэталі правядзення мірных сходаў.

Практыка апошніх гадоў паказвае, што атрымаць дазвол на правядзенне ММ у Беларусі вельмі складана, але гэта рэальна.